Гомельское областное поисковое общественное объединение "Нiколi не забудзем"
Список форумов Нiколi не забудзем

Нiколi не забудзем

Людей, которые ищут солдат РККА питаясь святым духом в природе нет, наша работа государством не финансируется, всё что мы делаем, делаем по собственной воле и за свой счет, в свободное от основных занятий время, и упрекать нас в этом не надо.
 
 FAQFAQ   ПоискПоиск   ПользователиПользователи   ГруппыГруппы   РегистрацияРегистрация 
 ПрофильПрофиль   Войти и проверить личные сообщенияВойти и проверить личные сообщения   ВходВход 

Ляшчынскі лес

 
Начать новую тему   Ответить на тему    Список форумов Нiколi не забудзем -> О злодеяниях
Предыдущая тема :: Следующая тема  
Автор Сообщение
Николай Басенков
Администратор


Репутация: +1    

Зарегистрирован: 12.04.2016
Сообщения: 1224
Откуда: Добруш

СообщениеДобавлено: Чт Окт 20, 2016 8:25 am    Заголовок сообщения: Ляшчынскі лес Ответить с цитатой

Ляшчынскі лес — асноўнае месца масавых расстрэлаў мірнага насельніцтва ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі Гомеляhttp://gomel.today/rus/article/society-331/

Артыкул гомельскага гісторыка, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава пра гісторыю і сучасны стан Ляшчынскага лесу — асноўнага месца знішчэння мірных жыхароў Гомеля ў час Другой сусветнай вайны. Артыкул быў агучаны ў час Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Гомельщина в годы великих испытаний: к 75-летию начала Великой Отечественной войны», якая праходзіла 8-9 чэрвеня 2016 г. у Гомельскай абласной бібліятэцы імя Леніна.
У артыкуле разглядаецца гісторыя і сучасны стан Ляшчынскага (Назараўскага) лесу — аднога з асноўных месцаў расстрэлаў мірных жыхароў Гомеля ў час нямецка-фашысцкай акупацыі горада ў 1941-1943 гг., у якім было знішчана каля 25–30 тыс. чалавек.
Больш за 70 гадоў аддзяляюць нас ад гераічных і трагічных дзён Другой сусветнай вайны. Аднак не гледзячы на гэтую, с кожным днём узрастаючую, адлегласць падзеі тых часоў працягваюць моцна ўплываць на наша сённяшняе паўсядзённае жыццё. Часам гэты ўплыў адбываецца ў вельмі нечаканым выглядзе, выцягваючы на паверхню глыбока прыхаваныя грамадскія псіхалагічныя комплексы і неабмяркоўваемыя табу.
Звесткі аб колькасці мірных жыхароў г.Гомеля, што загінулі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі Гомеля — фрагмент акта Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Гомелі і Гомельскай вобласці ў час часовай акупацыі (5 снежня 1943 г. — 5 студзеня 1945 г.)

У літаратуры аб падзеях Другой сусветнай вайны ў Гомелі адзначаецца вялізная колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва, знішчаных фашыстамі за час акупацыі горада. Асобныя аўтары называюць лічбу ў 50 000 мірных жыхароў і яшчэ 110 000 чалавек ахвяр з ліку ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Аднак у літаратуры, як правіла, практычна цалкам адсутнічае інфармацыя аб канкрэтных месцах пахаванняў — брацкіх магілах ахвяр фашысцкага тэрору ў Гомелі. Супастаўленне гэтых лічбаў з рэальнай наяўнасцю ўлічаных брацкіх магіл мірных жыхароў на тэрыторыі сучаснага Гомеля паказвае іх поўнае несупадзенне. На сёння ў Гомелі афіцыйна існуюць наступныя магілы мірных жыхароў, якія загінулі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі горада.
1. Магіла ахвяр фашызма — на вуліцы Савецкай у Гарбатага маста, побач з чыгункай, пахаваны савецкія ваеннапалонныя і мірныя жыхары, замучаныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941-1943 гг. У 1975 г. на магіле ўсталяваны абеліск. Колькасць ахвяр у літаратуры не прыводзіцца.
2. Брацкая магіла савецкіх воінаў і ахвяр фашызму — на вул. Інтэнданцкай, ва ўрочышчы Новікаўскі Гай пахаваны 8 савецкіх зенітчыц і 45 мірных жыхароў, якія загінулі ў чэрвені 1941 г. у час налёту варожай авіяцыі на чыгуначны вузел. У 1964 г. на магіле пастаўлены абеліск.
3. Магіла ахвяр фашызму — на Ляшчынскіх могілках па вул.Барыкіна. Пахавана больш за 800 жыхароў Гомеля, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1942 годзе. У 1973 ці 1975 г. на магіле пастаўлена стэла.
4. Брацкая магіла 200 падпольшчыкаў і рабочых паравозавагонарамонтнага завода, расстраляных 22.02.1943 г. — на вул. Міра. У 1964 г. на магіле пастаўлены помнік — скульптура салдата.
5. Магіла ахвяр фашызму — жыхароў яўрэйскага гета ў Навабеліцы, знішчаных восенню 1941 г. (на могілках, на выездзе з горада). Звесткі пра колькасць пахаваных ахвяр, на жаль, покуль нідзе выявіць не атрымалася, але ўскосна можна меркаваць, што лік ідзе аб 1-1,5 тыс. чалавек — адразу пасля нямецкай акупацыі восенню 1941 г. у Гомелі былі створаны чатыры яўрэйскія гета (тры ў Манастырку і на вул. Быхаўскай, адно ў Навабеліцы), у якіх было змешчана 4 000 чалавек; у кастрычніку-лістападзе 1941 г. жыхары гета былі расстраляны.
6. Магіла ахвяр фашызму — на Прудкоўскіх могілках. У Вялікую Айчынную вайну ў лістападзе 1941 г. атрад гітлераўскіх карнікаў акружыў вёску Прудок (цяпер у межах Гомеля). Усіх жыхароў гітлераўцы сагналі ў школу, 12 закладнікаў вывелі за вёску і расстралялі. У 1962 г. на магіле ахвяр фашызму пастаўлены абеліск.



Пратакол апытання жыхаркі г.Гомеля Праведнай Марыі Харытонаўны, аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у час акупацыі горада. 24 снежня 1943 г.

Шмат пахаванняў ахвяр акупацыйнага тэрору праводзіліся на мясцовых могілках — Навабеліцкіх Засожскіх, Любенскіх, Новікаўскіх і іншых, але гэта былі асобныя выпадкі, а не масавыя брацкія магілы на дзясяткі і сотні чалавек. Такім чынам, праведзены аналіз паказвае, што па стане на пачатак ХХІ ст. з гістарычнай карты Гомеля бясследна зніклі пахаванні некалькіх дзясяткаў тысяч ахвяр Другой сусветнай вайны — мірнага насельніцтва, якія былі выяўлены спецыяльнай урадавай камісіяй у канцы 1943–1945 гг.

Ліпень 1941 г. Фрагмент аэрафотаздымка Гомеля ў раёне вёскі і ваеннай часткі «Ляшчынец», зроблены нямецкім разведвальным самалётам люфтваффэ. На здымку добра бачны трохкутнік, утвораны вуліцамі Барыкіна — Рэчыцкая шаша і правобразам будучай вуліцы Касмічнай, а таксама межы абедзвюх частак Ляшчынскага (Назараўскага) лесу і ваеннай часткі паміж імі ў стане на пачатак вайны.

Фрагмент аэрафотаздымка Гомеля ліпеня 1941 г. у раёне вёскі і ваеннай часткі «Ляшчынец» з трасіроўкай сучасных вуліц горада. Матэрыял з сайта www.luftbild.by

этая камісія — «Надзвычайная дзяржаўная камісія па раследванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Гомелі і Гомельскай вобласці падчас часовай акупацыі», у першыя месяцы пасля вызвалення горада правяла падрабязны збор інфармацыі пра злачынную дзейнасць акупантаў і іх памочнікаў па знішчэнні мірнага насельніцтва і ваеннапалонных за час акупацыі горада ў жніўні 1941 — лістападзе 1943 гг. Вынікам іх працы стала шматтомная справаздача — «Материалы по расследованию злодеяний, совершённых немецко-фашистскими захватчиками на территории города Гомеля в годы оккупации», якая ўтрымлівае сотні пратаколаў апытанняў сведак і злачынцаў, акты эксгумацый магіл ахвяр, планы, а таксама і іншыя дакументы. На сёння гэта галоўная крыніца па раследванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Гомелі, а таксама асноўная крыніца для вывучэння жыцця горада падчас нямецкай акупацыі.

План месцазнаходжання магіл і вогнішчаў спалення трупаў мірных жыхароў г.Гомеля ў раёне вёскі Ляшчынец-ваенны гарадок, складзены Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Гомелі і Гомельскай вобласці ў час часовай акупацыі, 14 снежня 1944 г. (з акта аб масавых расстрэлах немцамі савецкіх грамадзян г. Гомеля, здзейсненых на 3-м і 6-м кіламетрах Рэчыцкай шашы).

Згодна праведзенага расследавання, Надзвычайная камісія прыйшла да высновы, што расстрэлы мірных жыхароў праводзіліся ў розных месцах горада, аднак «Основная масса погибших жителей города была расстреляна за городом на Речицком шоссе: на 3-м километре — возле усадьбы машино-тракторной мастерской (МТМ) и в лесничестве "Лещинец", на 6-м километре — около военного городка и на его территории, а также на опушке леса около деревни "Давыдовка". Последнее неопровержимо доказано многочисленными свидетельскими показаниями очевидцев злодейских фашистских расправ, раскопками мест расстрела советских людей и показаниями участников массовых убийств мирных граждан». Згодна з высновамі Камісіі за перыяд жніўня 1941 — лістапада 1943 гг. толькі тут было знішчана каля 25000 — 30000 чалавек мірнага насельніцтва. Фактычна гэты раён — гомельскі аналаг «Бабінага Яра» у Кіеве.

Акт аб раскопках магіл ахвяр масавага расстрэлу савецкіх грамадзян на 3 км. шашы Гомель-Рэчыца на тэрыторыі ваеннага гарадка «Ляшчынец», складзены 16 студзеня 1944 г.

Аднак мемарыяльных помнікаў, дзе адзначана такая колькасць пахаваных ахвяр, на тэрыторыі Савецкага раёна г.Гомеля (дзе і знаходзіцца ўзгаданая Рэчыцкая шаша) сёння не існуе, тэрыторыя ўздоўж самой шашы дастаткова шчыльна забудавана. Зыходзячы з сучаснай тапаграфіі г.Гомеля лакалізаваць узгаданыя трагічныя месцы не ўяўляецца магчымым, бо з усяго пералічанага ў гарадскім абіходзе засталіся і лакалізуюцца толькі назвы былых вёсак «Ляшчынец» і «Давыдаўка».
Помнік на брацкай магіле 200 падпольшчыкаў і рабочых паравозавагонарамонтнага завода, расстраляных 22.02.1943 г. Гомель, вул. Міра.

Увекавечаныя на помніку імёны толькі 17 падпольшчыкаў і рабочых паравозавагонарамонтнага завода, імёны якіх атрымалася высветліць з 200 расстраляных фашыстамі чалавек

У актах «Матэрыялаў...» і ў пратаколах апытанняў сведак с — мясцовых жыхароў, гэтыя ж пералічаныя месцы знішчэння характарызуюцца больш канкрэтызавана: «Назаровский лес около Лещинца», «на 3-м и 6-м километрах шоссе Гомель-Речица: возле усадьбы машино-тракторной мастерской (МТМ), в лесничестве "Лещинец" и в дер. Давыдовка», «в противотанковом рву, проходящему возле усадьбы МТМ, к лесничеству «Лещинец», «Недалеко от деревни Лещинец, ... на территории так называемых "Назарева леса" и "Княжеского леса" немцы устроили место, где они производили массовые расстрелы советских граждан». «в лесу, что находится между д. Довыдовкой и Лещинец, по шоссейной дороге на 3-м км от города», «на 3 км шоссе Гомель-Речица, на территории военного городка» і інш. .
Асобныя паказанні сведак дазволілі больш дакладна лакалізаваць пералічаныя геаграфічныя аб’екты перыяду пачатку вайны: «3-ці кіламетр Рэчыцкай шашы» — «Проживаю пос. Павлов-Лещинец Довыдовского с/с который находится на 3-м км от г. Гомеля в лесу близ шоссейной дороги идущая из г. Гомеля в сторону Речицы» . З іншых сведчанняў вынікае, што гэта і ёсць узгадваемы «Ляшчынскі лес» ці «Назараўскі лес».

Вуліца Брэсцкая ў Гомелі. Сучасны стан.

«6-ы кіламетр Рэчыцкай шашы» — «возили расстреливать советских граждан из города Гомеля на автомашинах по Речицкому шоссе от Гомеля на 6 км в левую сторону. Вдоль шоссе были накопаны окопы в 1941 году при отступлении частей Красной армии. А в 1943 году немцы возили на это место советских граждан из города Гомеля на автомашинах и расстреливали.». «...Второй раз я тоже был очевидцем расстрела мирного населения немцами, это на 6 км. По шоссейной дороге от Гомеля по левую сторону напротив бывших детских лагерей Дорпрофсожа это было в 1943 г. ...».

«Княжацкі лес» — у адрозненні ад «Назараўскага лесу» (які сведкамі відавочна прывязаваўся да Рэчыцкай шашы і вёскі Ляшчынец) фіксуецца ў прывязцы да наваколля вёскі Давыдаўка: «Летом 1942 года я работал в "Княжеском лесу" недалеко от деревни Давыдовка.». «...Весной 1943 г., идя со своей дочерью полоть просо по "княжескому" лесу, недалеко от деревни Давыдовка ...».

Іншыя месцы знішчэнняў мірных жыхароў у гэтым раёне сведкі апісваюць наступным чынам.

Апытаная Камісіяй Польшчыкава Еўдакія Васільеўна, 1910 г. нараджэння, паведаміла — «...Утром я вместе со своими односельчанами пошла в лес, недалеко от военгородка (окраина Гомеля), с тем, чтобы наломать себе веток для топлива. ... Должна сказать, что такие расстрелы около леска недалеко нашего села Лещинец были не единичны. Это были не случаи а система хозяйничания фашистских извергов. Как результат всего этого, в районе этого леска около с. Лещинец немцы оставили следы своих кровавых злодеяний. Там есть много ям в которых находятся жертвы фашистского террора.» .
Яшчэ адна сведка, Семяноўская Яўгенія Уладзіміраўна, 1896 г. нараджэння, распавяла — «Я также сама видела в 1942, месяц не помню, как немцы провезли на автомашинах советских граждан и измучили и расстреляли за лесокомбинатом д. Лещинец и закапали в лесу.».

Сведка Лукашоў Ціт Аляксеевіч, 1876 года нараджэння, паведаміў Камісіі — «Это было примерно в сентябре-октябре 1943 г. На поле, около ямы, между селами Лещинец и Мильча немцы выстроили группу людей и расстреляли их из автоматов.» .

Абрамовіч Іван Адольфавіч, 1924 г. нараджэння, які ў час акупацыі працаваў лесніком у Прыбарскім лясніцтве, паведаміў — «Первое время т.е. в 1941 и 1942 г. массовые расстрелы советских граждан производились в "Назаровом" лесу в третьем квартале по лесничеству. Потом по приказанию комендатуры гор. Гомеля этот лес был почти полностью вырублен на топливо. И расстрелы советских граждан начали с 1943 г. производить в лесу на 7 километре по шоссе Гомель Речица или в 17 квадрате по лесничеству.»

Лістапад 1958 г. Фотаздымкі зробленыя карэспандэнтам газеты «Во славу Родины» ст. лейтэнантам Лысенка І.Р. у час эксгумацыі ахвяр фашысцкага рэжыму — яўрэяў г.Гомеля, расстраляных у кастрычніку 1941 г. у супрацьтанкавым рове, які праходзіў па тэрыторыі сучаснага аўтобуснага парка № 1 г.Гомеля. Фотаздымкі з фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.











Фотаздымкі зробленыя ў час эксгумацыі ахвяр фашысцкага тэрору, расстраляных у кастрычніку 1941 г. у супрацьтанкавым рове па вул.Барыкіна. Фотаздымкі з фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля

Подпіс на адваротным баку фотаздымка з выявай ахвяр, знойдзеных 19 лістапада 1958 г. у час земляных работ на тэрыторыі будучага аўтобуснага парка № 1 у Гомелі.

Найважнейшай крыніцай інфармацыі пра гэты раён Гомеля з’яўляюцца аэрафотаздымкі Гомеля, зробленыя нямецкімі разведвальнымі самалётамі ў пачатку вайны, напярэдадні акупацыі горада. Яны дазваляюць лакалізаваць наяўнасць лясных масіваў і іх межы ў 1941 г. у раёне вёсак Ляшчынец і Давыдаўка, а таксама прывязаць іх да сучасных геаграфічных арыенціраў Гомеля.

Паводле аэрафотаздымкаў люфтвафэ, лясны масіў каля вёскі Ляшчынец складаўся з дзвух частак. Адна з іх — паўднёвая, найбольш густая, займала тэрыторыю прыблізна паміж сучаснымі вуліцамі Сасновай — Міра — Праўды — Брэсцкай — Валгаградскай, уключала парк Фестывальны і крыху недаходзіла да будынкаў сучаснага ўніверсітэта імя П.Сухога, менавіта праз яе непасрэдна праходзіла Рэчыцкая шаша. Іншы фрагмент гэтага лесу — паўночны, знаходзіўся за вайсковай часткай, у межах сучасных вуліц Вайсковая — Барыкіна — Касмічная — вайсковая частка 5525 (гэты фрагмент стражытнага лесу ў сваіх амаль нязмененых межах цалкам захаваўся да нашага часу). У пачатку ХХ ст., відавочна, абодва фрагменты лесу ўяўлялі адзіны масіў, аднак пасля будаўніцтва вайсковай часткі ў 1920-1930-х гг. яны апынуліся ў пэўнай меры адасобленымі. Лясны масіў каля вёскі Давыдаўка знаходзіўся на захад і поўнач ад вёскі, на тэрыторыі сучасных МЖК «Сонечны», вуліцы Аб’яздная і Давыдаўская. Сёння тэрыторыя гэтых лясных масіваў бліжэй да вёскі Давыдаўка і Рэчыцкага праспекта ў асноўнай частцы забудаваная, на захад і поўнач ад вуліц Аб’яздной і Давыдаўскай лес захаваўся да нашага часу.

Сведчанні відавочцаў, апытаных у 1943-1944 гг., дазваляюць рэканструяваць працэс знішчэння мірных жыхароў, наладжаны фашыстамі ў «Назараўскім» і «Княжацкім» лясах на 3-м і 6-м кіламетрах Рэчыцкай шашы каля вёсак Ляшчынец і Давыдаўка на працягу восені 1941 — кастрычніка 1943 гг. Улічваючы супадзенне дэталяў у паказаннях розных сведкаў, відавочна, што гэта была метадычна адпрацаваная працэдура.

Уваход на тэрыторыю аўтобуснага парка № 1 г.Гомеля зразмешчанай на ім мемарыяльнай шыльдай у памяць ахвяр фашысцкага тэрору, магіла якіх была знойдзена ў час будаўніцтва ў 1958 г. Фотаздымак 2014 г.

Мемарыяльная шыльда ў памяць аб знаходцы магілы ахвяр фашысцкага рэжыму 19 лістапада 1958 г. на тэрыторыі аўтобуснага парка № 1 г.Гомеля. Па незразумелых прычынах на шыльдзе адзначана, што парэшткі былі перазахаваныя ў 1962 г. — амаль праз чатыры гады пасля знаходкі. Фотаздымак 2014 г., зараз шыльда часова (??) дэмантавана

Па звестках відавочцаў, да жніўня 1943 г. расстрэлы адбываліся рэгулярна, у пятніцу і суботу, іншыя сведкі называлі 17 і 27 даты кожнага месяца. З жніўня 1943 г. расстрэлы адбываліся штодзённа, пры гэтым аўтамашыны рабілі столькі рэйсаў, колькі паспявалі за дзень.

Загадзя, перад расстрэлам, прыязджала машына з, прыблізна, 5-7 паліцэйскімі, якія падрыхтоўвалі мясцовасць — выкапывалі яму, іх работу кантралявалі нямецкія начальнікі. Праз кароткі час пад’язджаў караван з некалькіх аўтамабіляў — аднаго-трох легкавікоў з немцамі (часам супрацоўнікаў СД — мелі чорныя каўнеры на ваенных мундзірах, на пілотках чарапы з перакрыжаванымі касцямі, большасць у чынах афіцэраў) і начальствам паліцыі, а таксама адзін — тры, часам — шэсць, крытых брэзентам трох- ці пяцітонных грузавых аўтамабіляў з вязнямі. Прыблізна за 500 м да месца расстрэлаў на дарозе выстаўляўся вартавы, які перашкаджаў выпадковым мінакам наблізіцца да месца расстрэлу. У выпадку, калі ў лесе знаходзіліся мясцовыя жыхары (напрыклад, нарыхтоўшчыкі дроў), іх адганялі на некалькі сотняў метраў.

Аўтамабілі спыняліся на Рэчыцкай шашы (альбо на ўскрайку леса), з іх партыямі выгружалі ахвяр і пад канвоем адводзілі ў лес. Перад расстрэлам усіх ахвяр, сярод якіх былі мужчыны, жанчыны, дзеці і старыя, распраналі нагала альбо да сподняй бялізны. Адзенне расстраляных паліцэйскія грузілі ў машыны і забіралі з сабой у горад, непатрэбнае адзенне — рваныя шапкі, пінжакі і да т.п., выкідвалі тут жа, у лесе. Адзенне расстраляных прывозілася ў паліцыю, дзе яго дзялілі паміж сабой прадстаўнікі кіраўніцтва, альбо яно здавалася на склад і ў далейшым выкарыстоўвалася на патрэбы паліцыі (напрыклад, на абмен).


Помнік на месцы перапахавання ахвяр фашысцкага тэрору, знойдзеных 19 лістапада 1958 г. у час земляных работ на тэрыторыі аўтобуснага парка па вул. Барыкіна. Ляшчынскія могілкі г.Гомеля, сучасны стан

Звычайна паліцэйскія ачэплівалі расстрэльную яму, але калі ў верасні-кастрычніку 1943 г. расстрэльвалі вязняў гомельскай турмы (было знішчана больш за 1000 чалавек) на 7 кіламетры Рэчыцкай шашы, СД акружыла па перыметры ўвесь лес. Расстрэл праводзіўся па адным, альбо групамі па 3-4 чалавекі, на краю ямы стрэламі ў патыліцу альбо з аўтаматаў. Часта людзей прымушалі класціся на дно ямы ўніз тварам і расстрэльвалі ў патыліцу. Дзяцей, як правіла, скідвалі ў яму жывымі, часам забівалі наносячы ўдар палкай па галаве (што падцверджвалася ў час эксгумацыі асобных магіл Камісіяй). Расстраляныя людзі падалі ў яму бессістэмна, сярод іх былі, відавочна, яшчэ жывыя, якіх дастрэльвалі ўжо ў яме.

Як адзначалі сведкі, падчас расстрэлаў яны чулі крыкі аб дапамозе, плач дзяцей і жанчын. Сярод гэтых жалобных вопляў чуліся і асобныя крыкі: «Прощайте товарищи, мы погибаем за родину!», «Прощай наш дорогой вождь тов. Сталин!». Аднак гэтыя крыкі і плач імгненна спынялі залпы стрэлаў. Пры спробах уцёкаў ахвяру хутка даганялі і тут жа расстрэльвалі. Меліся выпадкі, калі падчас расстрэлу паліцэйскія лавілі ўцекачоў і за ногі цягнулі ахвяру да ямы, альбо расстрэльвалі, а цягнуць прымушалі іншых людзей, прывезеных на расстрэл. У іншым выпадку, адзначаным сведкам, з адной машыны выгрузілі прыблізна 40 маладых людзей — дзеўчын і падлеткаў. Нехта з іх крыкнуў: «Разбегайтесь!» і людзі сталі разбягацца. Нямецкія салдаты і паліцэйскія сталі расстрэльваць разбягаючыхся арыштаваных і ўрэшце сабралі сваіх ахвяр, якіх з абодвух машын апынулася каля 100 чалавек. Сярод паўторна сабраных апынуліся і выпадковыя мінакі, якія былі адпушчаны толькі дзякуючы наяўнасці на руках дакументаў. Іншы сведка адзначыў, што недзе 27-28 верасня 1943 г. пры расстрэле чарговай партыі з яе збеглі два чалавекі, з якіх аднога немцы застрэлілі, а іншы быў паранены ў плячо, але змог схавацца, нягледзячы на тое, што ўвесь лес быў немцамі ачэплены і правераны .

Ямы з расстралянымі зарываліся неахайна, неглыбока (часам толькі чвэрць метра), часам нават зусім не зарываліся, таму парэшткі людзей адкопваліся і расцягваліся сабакамі ды ваўкамі — сведкі часта ўзгадвалі, як асобныя фрагменты знаходзілі па лесе, альбо нават прыносіліся сабакамі ў вёску. Спецыяльна для расстрэлаў у зімні перыяд, загадзя, летам рыхтаваліся ямы, якія закопваліся зямлёй толькі калі таяў снег. У жніўні 1943 г. зарываць ямы з расстралянымі паліцэйскія прыгналі жыхароў вёскі Давыдаўка .

Сведкі адзначалі, што сярод расстраляных па адзенні яны часта бачылі людзей з іншых абласцей Савецкага Саюза — з Смаленскай і інш., сярод якіх былі старыя і дзеці.

Першы час — у 1941 і 1942 гг., менавіта «Назараўскі лес» на 3-м кіламетры Рэчыцкай шашы (трэці квартал Прыбарскага лясніцтва), быў асноўным месцам знішчэння насельніцтва. Аднак па загаду камендатуры г.Гомеля гэты лес вырубілі на дровы, таму расстрэлы пачалі праводзіць на 6-7 кіламетрах Рэчыцкай шашы (17 квартал Прыбарскага лясніцтва).

Пры набліжэнні фронта ў 1943 г., з мэтай схаваць сляды сваіх злачынстваў тэрыторыю былога Ляшчынскага «Назараўскага» леса фашысты загадалі раскарчаваць, распахаць і засеяць жытам на зіму, пасля чаго ямы перасталі быць бачнымі. У іншай частцы леса ў кастрычніку 1943 г. фашысты ўскрывалі магілы, выцягвалі расстраляных ахвяр з іх, на насілках пераносілі, абкладвалі дровамі і ў двух вялікіх вогнішчах спальвалі. Як сведчаць відавочцы гэтыя вялізныя вогнішчы палалі на працягу двух сутак. Пахавальныя ямы ўзрываліся і засыпаліся зямлёй. Аднак пасля адыходу немцаў, мясцовыя жыхары на месцы вогнішчаў знаходзілі шматлікія перапаленыя чалавечыя косткі рук, ног, чарапоў і інш.

Паказанні сведак былі падцвержданы раскопкамі магіл і месцаў спалення ахвяр фашысцкага тэрору, праведзеных Надзвычайнай камісіяй у восені 1943 — 1945 гг. Камісіяй быў складзены нават адмысловы план-схема, які, на жаль, вельмі схематычны і абсалютна безмаштабны, што не дазваляе ідэнтыфікаваць дакладныя каардынаты магіл у прывязцы да сучасных геаграфічных арыенціраў горада. На ім можна дакладна ідэнтыфікаваць толькі сучасныя вуліцы Рэчыцкая шаша і Барыкіна, а таксама, з вялікай верагоднасцю, вуліцу Касмічную, што праходзіць праз вайсковую частку. Усе астатнія арыенціры — вельмі ўмоўныя. Мяркуючы па паказаннях сведак, змешчаных у «Матэрыялах ...» Надзвычайнай камісіі, на гэтым плане зафіксаваны далёка не ўсе брацкія магілы, пакінутыя фашыстамі ў дадзеным раёне. Звестак пра знішчэнне фашыстамі слядоў масавых пахаванняў на тэрыторыі «Княжацкага леса» за вёскай Давыдаўкай і на 6-м кіламетры Рэчыцкай шашы ў паказаннях апытаных сведак не прыводзяцца.

Жылая забудова на тэрыторыі былой паўднёвай часткі Ляшчынскага (Назараўскага) лесу ў 1965 г. Фрагмент здымка з амерыканскага шпіёнскага спадарожніка.

Фрагмент карты Гомеля з пазначэннем сучасных вуліц, распланаваных у сярэдзіне 1950-х гг. на месцы паўднёвай часткі былога расстрэльнага Ляшчынскага (Назараўскага) лесу на 3 км Рэчыцкай шашы.

Узгадваемы ў паказаннях сведак супрацьтанкавы роў каля МТМ — машынна-трактарнай майстэрні і завода Молатава на даступных фотаздымках люфтваффэ не фіксуецца, бо на час фотафіксацыі ў чэрвені-ліпені 1941 г. яшчэ не быў выкапаны.

Працэс знішчэння мірнага насельніцтва ў гэтым рове, паводле «Материалов...», засведчыла апытаная 23.04.1944 г. грамадзянка Расцянкова Улляна Васільеўна (1908 г.нар.), якая пражывала па адрасе, вул. Будзённага (сучасная Барыкіна), дом 102.

«Около моей квартиры проходит противотанковый ров, который тянется на большое расстояние около з-да Молотова. Осенью 1941 года когда немецкие войска оккупировали гор. Гомель, то после этого, месяца через два немцы привезли на трех больших автомашинах с прицепами из гор. Гомеля еврейское население. Среди которых были мужчины, женщины и дети, старики. Машины подошли к противотанковому рву и всех с машин ссадили и покидали в противотанковый ров, и из автоматов расстреляли. После привели военно-пленных русских солдат к месту расстрела и заставили зарывать могилу с трупами. По моему подсчёту немцы расстреляли в этот день еврейского населения 600 человек. Как только пленные закопали расстрелянных и их увели обратно. Я с гр-нкой Оветринской Марией подошли к месту расстрела. На земле валялись клочья одежды и продукты питания. На другой день земля вся на могиле потрескалась, потому что некоторые были закопаны живьем. То немцы опять привели русских военнопленных и они вторично забросали землей.» .

У іншым пратаколе апытання гэтая ж грамадзянка Расцянкова У.В. дадаткова паведамляла, што названы супрацьтанкавы роў знаходзіўся ў 60-ці метрах ад яе дома, расстрэл адбываўся ў кастрычніку 1941 г., а таксама «Тогда, когда немцы уехали я подошла к месту расстрела, где обнаружила лоскутья рваной одежды и продукты питания: сухари, сахар, картошка, морковь.Некоторые евреи перед расстрелом плакали и просили у немцев пощады, но все было безрезультатно.» . Паводле сведчанняў гомельскага старажыла — Ганчарова С.М., 1945 года нараджэння, фабрыка Молатава знаходзілася ў раёне сучасных адміністратыўных будынкаў па вул. Барыкіна № 140-142. Па ўспамінах іншага старажыла — Грынько Ігара Аляксандравіча, 1930 года нараджэння, арцель імя Молатава («Молат») з даваенных часоў размяшчалася ў раёне завода «Эмальпосуд» на вуліцы Барыкіна (раён паміж будынкамі № 132 і 140) і была яго папярэдніцай.

Пералічаныя факты пераканаўча паказваюць, наколькі трагічнымі і памятнымі месцамі для жыхароў г.Гомеля з’яўляюцца тэрыторыя былога Ляшчынскага «Назараўскага» леса на 3-м кіламетры Рэчыцкай шашы і яго наваколле, тэрыторыя «Княжацкага леса» і ваколіц вёскі Давыдаўка на 6-7 кіламетрах Рэчыцкай шашы. Цалкам справядліва было б чакаць, што памяць дзясяткаў тысяч нявінных ахвяр будзе з гонарам ушанавана ў краіне, якая перамагла ворага і вызвалілая ад фашысцкага акупацыйнага рэжыму — па гарачых слядах Надзвычайнай камісіяй было праведзена раследаванне, лёгка вызначаліся контуры пахавальных ям і відавочцы, пры патрэбе, указвалі месцы масавых расстрэлаў. Аднак, як ужо вышэй адзначалася, рэальнасць сучаснага горада такая, што з некалькіх дзясяткаў тысяч знішчаных на гэтай тэрыторыі людзей, сёння вядома месца пахавання толькі каля тысячы ахвяр. Чаму ж так адбылося?

Ужо праз 10-15 гадоў пасля вызвалення Гомеля нішто не нагадвала пра жахлівыя падзеі на тэрыторыі былых 3-га і 6-га кіламетраў Рэчыцкай шашы, на месцы супрацьтанкавага рова каля былой МТМ. Цяжкія пасляваенныя гады аднаўлення разбуранай гаспадаркі не дазволілі адразу ўвекавечыць гэтыя месцы — яны ніяк не былі выдзелены ці абазначаны, не ахоўваліся і зараслі пустазеллем. У гэты час горад актыўна аднаўляўся пасля ваенных разбурэнняў, пашыраўся. Масавае працоўная міграцыя з навакольных вёсак і іншых рэгіёнаў вымушала гарадскія ўлады асвойваць пад жылую забудову і прамысловыя прадпрыемствы раней незадзейнічаныя тэрыторыі. Прыезжыя архітэктары, гледзячы на тапаграфічныя планы і праектуючы новыя вуліцы і раёны, не ведалі трагічную перадгісторыю гэтых тэрыторый, а змяншэнне колькасці мясцовых сведкаў вайны праз натуральныя працэсы і міграцыю садзейнічала забыццю пра канкрэтныя месцы фашысцкіх злачынстваў. Нават першы пасляваенны гісторык Гомеля — Серафім Лебедзеў (у канцы 1943-начатку 1944 г. — выконваючы абавязкі, а ў 1953 — 1959 гг. — старшыня Выканаўчага камітэта Гомельскага гарадскога савета), апісваючы ў сваёй кнізе 1962 г. выдання месца знішчэння мірных жыхароў горада, ужо не ўзгадвае назву «Ляшчынскі Назараўскі лес», а характарызуе гэтае месца як «пустыр» — «Сразу же после захвата города ... Большими партиями гитлеровцы уводили жителей города на пустырь возле Речицкого шоссе и там расстреливали». У выніку месцы былых масавых пахаванняў забыліся і зніклі, на іх тэрыторыі пачалася размяшчацца забудова. Масавасць такіх няўлічаных пахаванняў таксама не спрыяла іх беражліваму захаванню — праца шматтонных экскаватараў часта не дазваляла быць уважлівым да невядомых пахаванняў. Гэтаму ж спрыяла і чалавечая абыякавасцьі крывадушнасць, якая традыцыйна прыкрывалася клопатам пра жывых людзей — «Да мало ли их по стране назакопано! Что ж теперь — не строить? А людям где жить?».

Найбольш пашанцавала магіле 200 рабочых і падпольшчыкаў Гомельскага паравозавагонарамонтнага завода, расстраляных 22 лютага 1943 г. у Назараўскім лесе. Са студзеня 1942 г. на ПВРЗ дзейнічалі падпольныя камсамольска-моладзевыя групы (кіраўнік М.В. Півавараў). Падпольшчыкі псавалі абсталяванне, выводзілі са строю паравозы, распаўсюджвалі лістоўкі, савецкія газеты. Гітлераўцы заслалі на завод свайго агента з фіктыўнымі дакументамі савецкага разведчыка. 5.02.1943 г. ён правёў запіс жадаючых дапамагчы Чырвонай Арміі. Запісалася каля 200 рабочых. 7 лютага ўсе яны, у т.л. і падпольшчыкі, былі арыштаваны. У той жа дзень на канспіратыўнай кватэры гітлераўцы схапілі яшчэ пяць найбольш актыўных падпольшчыкаў і 22.02.1943 г. пасля катаванняў расстралялі арыштаваных у Назараўскім лесе (за 3 км ад Гомеля). Дзякуючы дапамозе мясцовага лесніка, адразу пасля расстрэла сваякі ахвяр адшукалі іх магілу і пазначылі яе на мясцовасці. Пасля вызвалення горада гэтыя ж людзі самастойна ўскрылі пазначаную магілу (яна была прысыпана слояем зямлі толькі ў чвэрць метра) і па асабістых рэчах пераканаліся ў тым, што менавіта тут пахаваны іх блізкія. Як засведчыла Меркулава Марыя Фёдараўна, сястра расстралянага Кавалёва Івана Фёдаравіча, тады ў 1943 г., побач з гэтай магілай у лесе яны налічылі яшчэ 12 брацкіх магіл. Дзякуючы наяўнасці ў пахаванні падпольшчыкаў і клопату сваякоў гэтая магіла была захавана, добраўпарадкавана і ў 1964 г. на ёй пастаўлены помнік — скульптура салдата. У 1961 годзе побач з пахаваннем была ўзведзена сярэдняя школа № 33, вучні якой даглядаюць помнік.

Аднак астатняя тэрыторыя былога Ляшчынскага «Назараўскага» леса (за выключэннем фрагмета паміж вайсковай часткай і вул. Барыкіна), у тым ліку і месца ўзгаданых Меркулавай М.Ф. 12 магіл, была цалкам забудавана. На гэтай тэрыторыі ў 1957 г. былі распланіраваны вуліцы Фестывальная, Праўды, Міра, Брэсцкая, часткова — Сасновая і Рэчыцкі праспект. Як сведчаць матэрыялы архіва РУП «Гомельскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» гэтыя вуліцы пачаліся забудоўвацца ўжо ў 1958 г., а пераважная частка дамоў была ўзведзена ў 1959 г. У 1962-1963 гг. былі ўзведзены пяціпавярховыя будынкі ўздоўж Рэчыцкай шашы (№№ 19-31).

19 лістапада 1958 г. падчас будаўніцтва аўтобуснага парка на вул. Барыкіна ў час земляных работ экскаватар выкапаў парэшткі масавай брацкай магілы. Як высветліла праведзенае раследаванне, тут у супрацьтанкавым рове былі пахаваны больш 800 ахвяр фашысцкага генацыду — жыхароў яўрэйскага гета. Яны былі пахаваны ў сваім адзенні, што і аблегчыла ідэнтыфікацыю іх прыналежнасці. Фотаматэрыялы па гэтай справе захоўваюцца ў фондах палацава-паркавага ансамбля. Пасля эксгумацыі парэшткі ахвяр былі перапахаваны на Ляшчынскіх могілках2. У 1973 г. на магіле пастаўлена стэла.

У фондах Гомельскага палацава-паркавага ансамбля захоўваецца каля дзесяці фотаздымкаў, на якіх зафіксавана гэтая падзея. Надпісы на адваротным баку фотаздымкаў паведамляюць, што 18 лістапада 1958 г. пры рыцці катлавана для гаража — «район Лещинца, у завода "Молот"», былі знойдзены трупы савецкіх грамадзян, замучаных і расстраляных фашысцкімі захопнікамі. Фотаздымкі былі зроблены карэспандэнтам газеты «Во славу Родины» ст. лейтэнантам Лысенкам І.Р.

У памяць аб знойдзеным месцы загубы нявінных людзей на ўваходзе ў аўтобусны парк змешчана шыльда з надпісам: «В период немецко-фашистской оккупации г.Гомеля 1941-1943 г.г. на территории АП № 1 гитлеровцами было умерщевлено свыше 300 советских граждан. Их останки в 1962 году перезахоронены на Лещинском кладбище». Несупадзенне дадзеных па колькасці перапахаваных ахвяр на шыльдзе (больш 300) з дадзенымі, адзначанымі ў кнізе «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць» [3, с. 45] і непасрэдна на самім помніку на Ляшчынскіх могілках (больш 800), а таксама з датай у подпісах на фотаздымках у фондах музея зараз цяжка патлумачыць з-за адутнасці інфармацыі, але не выклікае сумненняў, што размова ідзе пра адзін і той жа выпадак (пасля развянчання культа Сталіна і заканадаўча замацаванай забароны называць геаграфічныя аб’екты імёнамі жывых людзей, завод імя Молатава стаў называцца «Молат»).

Аднак гэтыя два выпадкі і абмяжоўваюць агульную колькасць увекавечаных на тэрыторыі Савецкага раёна Гомеля пахаванняў мірных жыхароў. Месцазнаходжанне магіл астатніх некалькіх дзясяткаў тысяч ахвяр фашысцкага тэрору бясследна зніклі. І як бы сумна не было гэта прызнаваць — тое, чаго так намагаліся фашысты і іх памочнікі ў апошнія месяцы акупацыі горада — бязсследна знішчыць фізічныя сляды сваіх жудасных злачынстваў, у іх, у рэшце-рэшт, атрымалася.

Аднак не ўсе пахаванні ахвяр фашызма на 3-м і 6-м кіламетрах Рэчыцкай шашы бясследна зніклі. Некаторыя з іх, як і ў выпадку з ахвярамі ў рове каля былой МТМ, эпізадычна знаходзіліся ў час будаўнічых работ яшчэ ў савецкія часы. Аднак, на жаль, не ўсе яны сталіся прадметам спецыяльнага кампетэнтнага раследавання. Больш за тое, сітуацыя з асобнымі з іх сталася відавочнай дэманстрацыяй нашай гомельскай чалавечай крывадушнасці і абыякавасці. Сведчаннямі месцазнаходжання такіх брацкіх магіл засталіся толькі ўспаміны асобных жыхароў Гомеля.

Напрыклад, жыхар вёскі Лешчынец Ганчароў Сяргей Міхайлавіч, 1945 года нараджэння, асабіста быў сведкам, наступнага выпадка. Прыблізна, у 1962-1963 гг., у лясным масіве паміж вуліцамі Касмічнай-Барыкіна-Вайсковая (паўночная захаваная частка былога Ляшчынскага «Назараўскага» леса) для будаўніцтва агароджы завода жалезабетонных вырабаў экскаватар капаў пясок і грузіў яго на самазвалы. У выніку ўтварылася яма 5-7 метраў глыбінёй і вертыкальнай сценкай. У пэўны момант, калі экскаватар чарговы раз захапіў грунт, вертыкальная сценка абрынулася і з яе пасыпалася маса чалавечых касцей і чарапоў. З крыкам экскаватаршчык спыніў працу і пабег у заводакіраўніцтва. Ганчароў С.М., з сваімі сябрамі-падлеткамі не сталі чакаць, чым завершыцца справа і пайшлі дадому. Праз два дні, калі ён зноўку апынуўся ў гэтым месцы, яма была разроўнена, але экскаватар на ёй ўжо больш не працаваў. Што сталася з парэшткамі — невядома, але нідзе не зафіксуецца і той факт, што яны былі перапахаваны. Найбольш верагодным з’яўляецца версія, што парэшткі так і засталіся ляжаць у той жа яме — проста ў ёй больш не капалі пясок.

З дзіцячых успамінаў С.М. Ганчарова вельмі ўразіў, той факт, што тады сярод груды чалавечых касцей ён не бачыў ніякіх прыкмет адзення. Аднак гэты факт становіцца цалкам зразумелым, калі ўзгадаць сведчанні відавочцаў расстрэлаў у Ляшчынскім лесе, якія паведамлялі, што перад смерцю фашысты распраналі сваіх ахвяр нагала ці да сподняй бялізны і ў такім выглядзе знішчалі.

Гэты ж старажыл паведаміў і іншы выпадак, пра які яму распавяла маці — Ганчарова Аснастасія Вавілаўна (1915 — 1975), якая таксама ўсё жыццё пражыла ў Лешчынцы. У час акупацыі яна з сяброўкай пайшла ў лес і выпадкова стала сведкам, як немцы расстрэльвалі групу з, прыблізна, 25 чалавек чырвонаармейцаў, каля сцяны каменнага будынку Дома культуры афіцэраў на тэрыторыі вайсковай часткі. Побач была выкапана і вялізная яма для трупаў. Перапуджаныя дзеўчыны паўзлі ўздоўж рэчкі Сасноўкі амаль кіламетр ад таго страшнага месца. Будынак гэтага Дома культуры афіцэраў і да сённяшняга часу стаіць на тэрыторыі вайсковай часткі 5525 і выкарыстоўваецца для агульных сходаў (непадалёк ад КПП з боку вуліцы Касмічнай). Улічваючы, што магільная яма для расстраляных знаходзілася побач з будынкам, пры жаданні яе можна было б адшукаць (верагодна ў радыюсе не больш за 50 метраў ад будынка).

Пералічаным вычэрпываюцца вядомыя на сёння звесткі аб пахаваннях ахвяр фашысцкага рэжыму на тэрыторыі былога Ляшчынскага леса і яго наваколля. Але неўзабаве мы можам зноў пачуць пра новыя жудасныя знаходкі часоў мінулай вайны.

Пасля невялікага перапынку 1990-х — 2000-х гг. жылая забудова Гомеля зноў актыўна пашыраецца на новыя тэрыторыі. Адзін з актуальных сённяшніх праектаў — забудова апошняй захаванай часткі Ляшчынскага «Назараўскага» лесу, паміж вуліцамі Касмічнай-Барыкіна-Вайскавой і вайсковай часткай 5525. Гэта адзіная захаваная ў гэтай частцы горада зялёная зона, што аддзяляе жылыя дамы ад прамысловай забудовы — заводаў жалеза-бетонных вырабаў, «Цэнтраліт» і іншых. Занепакоенасць таксама выклікае і пагроза знішчэння неяўлічаных пахаванняў ахвяр фашысцкага тэрору, змешчаных на гэтай тэрыторыі, у тым ліку ўказаныя С.М. Ганчаровым. Няма ніякай гарантыі таго, што коўш экскаватара зноў не выцягне парэшткі нявінна забітых людзей. Нават калі адбудзецца эксгумацыя і перапахаванне парэштак, узнікае пытанне, як у гэтым расстрэльным лесе, дзе кожны метр можа быць новай магілай, можна будзе ладзіць тратуары, аўтамабільныя паркоўкі, дзіцячыя пляцоўкі? Ці не варта абследаваць тэрыторыю леса на прадмет суцэльнай мемарыялізацыі гэтага ўчастка?

Мясцовыя жыхары актыўна выказаліся супраць забудовы гэтага сквера ў час грамадскага абмеркавання і сустрэч са спецыялістамі Савецкага райвыканкама і гарадскога выканаўчага камітэта Гомеля, аднак перспектывы будаўніцтва камерцыйнага жылля — і, адпаведна, шматмільярдных заказаў розным падрадчыкам, покуль не дазваляюць гарадскім уладам і архітэктарам пачуць голас занепакоенай грамадскасці.

Старонка газеты «Гомельская праўда» ад 15.03.2008 г. з артыкулам аб асвячэнні вуліц Гомеля, у тым ліку Рэчыцкай шашы, протаіерэем Андрэем Бялянкам

Можна доўга разважаць, ці сапраўды «энергетычна небяспечнымі» з’яўляюцца месцы былых могілак і пахаванняў людзей, альбо гэта толькі міфапаэтычныя разважанні — сучасны магічны гарадскі фальклор. Аднак у Гомелі па нейкіх прычынах менавіта Рэчыцкая шаша з’яўляецца адной з найбольш небяспечных вуліц горада ў плане дарожна-транспартных здарэнняў. 11 сакавіка 2008 г. па запрашэнні Гомельскай абласной ДАІ святар царквы Архістраціга Міхаіла протаіерэй Андрэй Бялянка нават правёў адпаведны абрад асвячэння найбольш аварыйнанебяспечных скрыжаванняў Гомеля, у тым ліку на Рэчыцкай шашы. Фотарэпартаж аб гэтай незвычайнай падзеі змясціла абласная газета «Гомельская праўда» . «Не так страшны штыки и пули, как беспамятство потомков...»

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц

1. Гомель: Энцикл. справочник / редкол.: И.П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Минск. БелСЭ, 1990. — 528 с.

2. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці (далей — ДАГВ), ф.1345, воп.1, спр. 1–3.

3. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; рэд. кал.: С.В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1985. — 384 с.

4. Лебедев С. Гомель (историко-экномический очерк) / С. Лебедев. — Минск. Госдарственное издательство БССР, 1962. — 168 с.

5. Лугаўская В.А. Фашысцкі генацыд на тэрыторыі Гомеля ў гады Другой сусветнай вайны / В.А. Лугаўская // Гомельшчына. Старонкі мінулага. Нарысы. ІІ выпуск / Гомельскі дзяржаўны універсітэт; рэдкал. Р.Р. Лазько [і інш.] / — Гомель, 1996. — С.153—158.

6. Скрыннікаў М.І. Праўда аб гомельскім падполлі (жнівень 1941 — лістапад 1943 гг.) / М.І. Скрыннікаў. — Гомель. Беларускае Агенцтва навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі, 1995. 88 с.

7. Шлыкова В. Как в Гомеле «темную силу» изгоняли / В. Шлыкова // Гомельская праўда, 15.03.2008 г., с. 4.

_________________
С уважением, Николай Басенков.
Персональный сайт:
http://miklaby.ucoz.ru/
Вернуться к началу
Посмотреть профиль Отправить личное сообщение Посетить сайт автора
Николай Басенков
Администратор


Репутация: +1    

Зарегистрирован: 12.04.2016
Сообщения: 1224
Откуда: Добруш

СообщениеДобавлено: Пт Ноя 11, 2016 9:56 am    Заголовок сообщения: Ответить с цитатой

Продолжение темы по массовым расстрелам мирного населения города Гомель.....

http://gulevich.net/galery.files/gomel_okupation.htm
_________________
С уважением, Николай Басенков.
Персональный сайт:
http://miklaby.ucoz.ru/
Вернуться к началу
Посмотреть профиль Отправить личное сообщение Посетить сайт автора
Показать сообщения:   
Начать новую тему   Ответить на тему    Список форумов Нiколi не забудзем -> О злодеяниях Часовой пояс: GMT + 3
Страница 1 из 1

 
Перейти:  
Вы не можете начинать темы
Вы не можете отвечать на сообщения
Вы не можете редактировать свои сообщения
Вы не можете удалять свои сообщения
Вы не можете голосовать в опросах
Flag Counter


Powered by phpBB © 2001, 2005 phpBB Group
Вы можете бесплатно создать форум на MyBB2.ru, RSS